8 клас


 Выкананыя заданні можна дасылаць на эл.пошту: tanyastv14@mail.ru   або раз у тыдзень ці два тыдні  (як вам зручна) прыносіць сшытак у гімназію і пакідаць на вахце. Поспехаў.

Дамашнія заданні, якія прапісаны ў эл.дзённіку, не выконвайце, дастаткова тых, што зададзены ТУТ


07.05.2020. Беларуская літаратура
Тэма: Янка Купала. Камедыя "Паўлінка".
Прачытайце п'есу. Пытанні надрукую пазней.

Беларуская мова. ( 04.05 -8"А". 06.05 - 8 "Б")

Тэмы новай няма. 
Заданні:
1. Паўтарыць правіла параграф 21, старонка 91-92
2. Паставіць у сказах працяжнікі (КАЛІ ТРЭБА)
Тут Васька   шмыг у дзверы. Раптам сабака   скок у кусты. Дружбакі  мы з Пецем.  Адзін у полі не воін. Андрэй не гультай.  Ірына як сястра мне. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва  Беларусі   каля пяцідзесяці чалавек  на квадратны кіламетр. Лес   ні канца ні краю.  Ноч   хоць вока выкалі. Хлопцы   вадой не разліць. Пупышкі на дрэвах быццам маленькія  птушаняты з натапыраным пер’ем. Хлопцы, відаць, вопытныя грыбнікі. Возера глыбокае.  Вада празрыстая. Дзверы зачынены. Я доктар.   Гэты партфель мой. Прырода   выдатны сродак  узбагачэння  пачуццяў чалавека. Умераная скорасць   асноўная ўмова руху  ў час дажджу. Языком малоць   не дровы калоць. Быць сапраўдным сябрам   жыць інтарэсамі сябра.

3. Паўтарыць правілы на старонках 170-186
Выканаць заданне:
Расставіць прапушчаныя знакі прыпынку.
Спадае медны ліст каштанаў на жоўты стоптаны мугор.
Шэрае асенняе неба навісла над прасторным заводскім дваром.
І няхай сабе на дварэ гаспадарыць маленькі  элегічна настроены ветрык.
Буслы  ластаўнік  жаваранкі  розныя птушкі гняздуюць на Беларусі.
Усё наваколле  палі  лугі і лясы  жыло надзеяй на хуткі дождж.
Усюды закладае свае гнёзды птаства  на зямлі  на кустах на дрэвах.
Па баках сцежкі раслі  рамонкі  званочкі  валошкі.
І пах агню і пах свежага хлеба і пах антонавак усё гэта ад зямлі. 




Беларуская літаратура. 29.04.2020 (8"Б"). 30.04.2020 (8 "А")

Тэма: Байка як жанр. Кандрат Крапіва. Байкі "Ганарысты Парсюк", "Дыпламаваны Баран".

Заданні: 
1. Навучыцца выразна чытаць байкі К.Крапівы  "Ганарысты Парсюк", "Дыпламаваны Баран".
2. Байку "Дыпламаваны Баран" вывучыць на памяць.
3. Запісаць, што такое байка. Вызначыць і запісаць асаблівасці байкі як жанру (не менш за чатыры пункты).
4. Запісаць, што высмейвае і чаму вучыць байка "Ганарысты Парсюк".

 Беларуская мова. Трыццатага красавіка (8"А"). Пятага мая (8"Б")

Тэма: Параўнальны зварот. 
Запісаць і вывучыць правіла:
Канструкцыі з параўнальнымі злучнікамі (як, нібы, быццам, бы, што і інш.), якія шляхам параўнання раскрываюць змест іншых членаў сказа, называюцца параўнальнымі зваротамі: Як кантыненты (параўнальны зварот), вялікія беларускія балоты.
У сказе параўнальныя звароты звычайна бываюць акалічнасцямі (Як птушкі, ад здзіўлення ўзляцелі яе бровы ўверх) ці азначэннямі (Быццам залатыя, заззялі на сонцы жоўтыя сланечнікі). 
Дастаткова ўмоўным з’яўляецца выдзяленне ў якасці параўнальных зваротаў канструкцый, што выконваюць ролю выказніка (Сэрца як камень. Сцены хаты былі нібы саламяныя). 
Не з’яўляюцца параўнальнымі зваротамі словы, якія паўтараюцца (Ноч як ноч. Дзіця як дзіця).

Параўнальныя звароты неабходна адрозніваць ад параўнанняў, якія могуць выражацца назоўнікамі творнага склону (Маленькімі сонейкамі параскіданы бурштын па берагах мора).

На пісьме параўнальныя звароты выдзяляюцца коскамі незалежна ад месца ў сказе:

Цікаўна, як чалавек, глядзела на мяне краска (Я. Сіпакоў).

Бурліць крыніца агнявая, бы нейкі грозны віхар–вір… (Якуб Колас).

Не выдзяляюцца параўнальныя звароты, калі:

1) з’яўляюцца ўстойлівымі (фразеалагізмамі) (відна як днём, гол як сакол, галодны як воўк, злы як сабака, белы як палатно, белы як снег, пабляднеў як палатно, моцны як дуб, здаровы як бык, лёгкі як пярынка, няўклюдны як мядзведзь, патрэбны як паветра,  чорны як сажа,  цвёрды як камень,  чырвоны як рак,  цёмна як ноччу,  хітры як ліса,  палахлівы як заяц,  халодны як лёд,  баяцца як агню, берагчы  (глядзець)  як  вока,  ведаць як свае пяць пальцаў, маўчаць як рыба, біцца як рыба аб лёд,  не бачыць як сваіх вушэй,  як рукой зняло,  як рукой падаць, як кот наплакаў, растаў як снег, лопнуў як мыльны пузыр, прыстаў як смала,  стаіць як укопаны,  спаў як забіты,  расце як на дражджах, адчуваць сябе як дома, усе як на падбор, як на далоні, як на іголках і інш.). Напрыклад, Віктар стаў як укопаны;

2) маюць значэнне «ў якасці» (не прычыны). Напрыклад, Ён доўгі час працаваў у якасці бібліятэкара;

3) знаходзяцца пасля часціц не або зусім. Напрыклад, Сонца прыгравала зусім як летам (М. Парахневіч).

2. Заданне: 

Запісаць сказы, расставіць прапушчаныя знакі прыпынку, калі трэба:

  1. Затоена-ціха нібы ў дазоры стаіць за сцяною марозная ноч.
  2. Дзядзька спаў як пшаніцу прадаўшы.
  3. Ліда як сакратар камісіі першая села за стол.
  4. Каля крамы як звычайна ў нядзелю тоўпілася многа святочнага народу.
  1. Над возерам устае быццам белая воўна пахучы туман.
  2. Бываюць і ў такой справе як рыбалоўства  радасныя нечаканасці і ўдачы.
  3. Дуб як вежа вартавая. 
  4. Водбліскі ліхтароў  нібы жывыя  гайдаліся ў чорнай вадзе. 
  5. Герасіма Пятровіча  што токам ударыла. 
  6. На дварэ ўжо  як мае быць  змеркла. 
  7. Каця мела моцныя рукі і лёгкія ногі, была гнуткай  як галінка маладой вярбы. 
  8. Дуб як вежа вартавая.

Дваццатага красавіка. 2020 (8 "А"). Дваццаць першага красавіка. (8"Б")

Тэма: Сказы з адасобленымі акалічнасцямі, іх інтанаванне, знакі прыпынку.

Вывучыць правілы, параграф 50 (старонкі 240, 241, 242)
Самастойна, карыстаючыся правілам, скласці апорны канспект па тэме (можна схематычна).

Пісьмова выканаць практыкаванні 352 (у тым ліку разборы), 354.

Дадатковае заданне: спісаць сказы, расставіць прапушчаныя знакі прыпынку:

І днямі і начамі не сціхаючы гайсаў па зямлі сухі сіверны вецер. Кожны пісьменнік апрача таленту павінен мець яшчэ права пісаць.Трава прымятая чаравікамі так і не паднялася не выпрасталася. Маладзенькі матрос Віця расказваў мне сёе-тое з жыцця свайго народа. Крушынскі гаварыў ціха і не пазіраючы на госця.
Ціхая нясмелая яшчэ ішла на зямлю вясна. Жартуючы смеючыся прайшла па вуліцы моладзь.
Хоць далёка нам да восені ды няма усё ж калі склаўшы рукі сядзець. У беларускіх лясах гняздзіцца жаўна або чорны дзяцел.  Зямля тая  асабліва ваколіца правага ўзбярэжжа Нёмана месціцца між яго рэчышчам і балотамі Палесся. 

Заданне на паўтарэнне: паўтарыць параграф 6, пісьмова выканаць практ. 32. Параграф 8, практ.52

22.04.2020 (8 "Б"), 23.04.2020 (8"А"). Беларуская літаратура

Аркадзь Куляшоў. "Маці".

Старонкі 232-234, навучыцца выразна чытаць. 

Заняць сшытак. Пісьмова адказаць на пытанні:

1. Што такое балада?
2. Выпішыце з балады радок, які гаворыць пра тое, што падзеі адбываюцца ў гады вайны.
3. Што зрабіла маці дзеля таго, каб сын вярнуўся з вайны?
4. Выпішыце эпітэты да слоў КАМЕНЬ, МАЦІ.
5. Выпішыце метафары (2).
6. Дакажыце, што  твор"Маці" - гэта балада.

Дваццаць трэцяга красавіка. Беларуская мова. (8"А")
Дваццаць другога красавіка (8 "Б")

Тэма: Удакладняльныя члены сказа.
 Параграф 51. 

1. Скласці і запісаць невялікі канспект правіла, самае асноўнае (стар.247-248)

2. Пісьмова выканайце пр. 367 (не з рашэбніка, сказы ва ўсіх павінны быць розныя)

3. Расстаўце прапушчаныя знакі прыпынку, устаўце літары (КАЛІ ПАТРЭБНА).

Хлопчык сеў у ц...нёк і тут(жа) ля стога вырашыў папалуднаваць. Маці гаварыла хутка слова за словам. Нават там у пушчы зав...руха ле...ь  (не)збівала з ног. На абочыне дарогі ля кустоў ц...вітуць блакітныя (не)забу...кі. Ехалі не па шляху паміж прысадамі а (з)боку па полі, дзе мен...ш снегу. Кучаравыя вербы нагнуліся ні...ка да самай зямлі. Ся...ба была праве...ена добра без промаху.   Анюта ішла з лесу ног пад сабою не чуючы. Ад са...алкі да дома вяла выкладзен...ая плітамі сце...ка. У горадзе Сц...пана асабліва (не)ведалі за выключэннем хіба чыгуначнага вузла. Я ў сінім палоне вач...й по...ных сонца. Д разды пераймаючы сала...іныя пералівы сустракалі раніцу адмысловым перасвістам. Лясная рачулка халодная, празрыстая несла сваю ваду ў в...лікае ...озера. (З)рэдку нам сустракаліся ні...карослыя дубкі, кучаравілася шыпшына расшытая аранжавымі ягадамі .  Замест адказу  Раўбіч хрумснуў вялікім п...ргаментам раскручваючы яго на стале.  Раман падпісаўся пад паперамі (не)спяшаючыся.
 Нумар тэл...фона я запамінаю і (не)запісваючы. 

Комментариев нет:

Отправить комментарий